Хуткасную чыгунку з Менску ў аэрапорт збіраюцца будаваць праз горад. У эколагаў пытанні

Грамадскае абмеркаванне будоўлі ў Менску хуткаснай чыгункі працягнецца да 15 снежня. Яго праводзіць адміністрацыя Першамайскага раёну сталіцы.  Пакуль што свае асцярогі выказалі эколагі. 

Схема будаўніцтва чыгункі. Крыніца: «Экадом»

Грамадскае абмеркаванне праекту да 15 снежня праводзіць адміністрацыя Першамайскага раёну Менску. Хуткасная чыгунка мае звязаць сталіцу з індустрыяльным паркам «Вялікі камень» і Нацыянальным аэрапортам. Праект прадугледжвае, што пройдзе яна праз тэрыторыі Першамайскага, Партызанскага і Кастрычніцкага раёнаў. Замоўцам выступае дзяржаўнае абʼяднанне «Беларуская чыгунка».

Узяць удзел у грамадскім абмеркаванні можа любы ахвотны. Пакуль што свае заўвагі аб уздзеянні праекту на навакольнае асяроддзе выказала  экалагічная арганізацыя «Экадом».

Эколагі звяртаюць увагу на тое, што ў дакументацыі няма разліку шумавога ўздзеяння ад абʼекту на навакольнае асяроддзе.

«А гэта, на хвілінку, чыгунка, якая ідзе праз горад, па якой будуць хадзіць цягнікі. Гэта шмат шуму», – перасцерагаюць эксперты.

Апроч таго, няма справаздачы або звестак пра тое, якія віды дзікай жывёлы насяляюць абшар праектавання абʼекту.

«Атрымліваецца, што або кампетэнтныя спецыялісты не вывучалі, ці ёсць у месцы забудовы «чырванакніжнікі», або звесткі пра гэта чамусьці вырашылі не ўключаць у матэрыялы для грамадскіх абмеркаванняў», – падкрэсліваюць эколагі. «Экадом» паабяцаў даслаць свае заўвагі чыноўнікам.

Схема будаўніцтва чыгункі. Першая чарга. Крыніца: «Экодом»

Між тым, на старонцы абмеркавання паведамляецца, што праект прадугледжвае дзве чаргі будаўніцтва. Першая – будаўніцтва трэцяй галоўнай чыгуначнай каляіны з левага боку ўздоўж існых двух галоўных каляін агульнага карыстання Менск – Масква, ад станцыі «Сцяпянка» да Менскай кальцавой аўтадарогі і далей да мяжы з Менскім раёнам (аўтадарога Н-9067). Другой чаргой будзе пабудаваная новая электрыфікаваная аднакалейная чыгунка ў межах Кастрычніцкага раёну Менску – ад мяжы са Смалявіцкім раёнам уздоўж аўтамабільнай трасы М2 да пасажырскага тэрміналу Нацыянальнага аэрапорту (адцінак паміж паркоўкай і заканчэннем аўтамабільнай трасы М2).

«Альтэрнатыўным варыянтам арганізацыі пасажырскіх перавозаў чыгуначным транспартам у Нацыянальны аэрапорт «Менск» ёсць «нулявы варыянт» – адмова ад будаўніцтва абʼекту», – гаворыцца ў паведамленні адміністрацыі Першамайскага раёну.

Антон Тачняк belsat.eu

The post Хуткасную чыгунку з Менску ў аэрапорт збіраюцца будаваць праз горад. У эколагаў пытанні appeared first on belsat.eu.


#Беларусь